Паглыбленая ў ваду двухдомная, гнуткая, даволі кволая, светла-зялёная аднагадовая расліна з тонкім (менш за 1 мм у дыяметры) разгалінаваным сцяблом даўжынёй 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях ледзь прыкметна зубчастае. Кветкі непрыкметныя, адзіночныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі з адной тычынкай, абкружанай двухлопасцевым калякветнікам, песцікавыя — без калякветніка. Плод вузкаэліпсаідальны, касцянкападобны. Насенне жаўтаватае, бліскучае.
Еўразія, Паўночная Амерыка; у Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала (выяўлена ў азёрах Лосвіда, Нешчарда, Дрывяты). Расце невялікімі групамі на глыбіні 20-60 см у азёрах з рознай ступенню трофнасці і мінералізацыі вады, пясчанымі і пясчана-галечнымі грунтамі з намулам.
Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Цвіценне і апыленне адбываюцца пад вадой. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5